Тыдзень «Будучыня за намі»
"Чалавек з'яўляецца, першым чынам, сынам сваёй краіны, сваёй Айчыны, які горача прымае да сэрца яе інтарэсы".
В.Р. Бялінскі
У апошнія гады ідзе пераасэнсаванне сутнасці патрыятычнага выхавання: ідэя выхавання патрыятызму і грамадзянскасці, набываючы ўсё большае грамадскае значэнне, становіцца задачай дзяржаўнай важнасці. Толькі на аснове пачуццяў патрыятызму і гонару за сваю нацыю, яе нацыянальныя каштоўнасці і святыні ўмацоўваецца любоў да Радзімы, з'яўляецца пачуццё адказнасці за яе магутнасць і незалежнасць, захаванне матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей грамадства, развіваецца вартасць асобы. Сёння, калі на дзяржаўным узроўні грамадзянска-патрыятычнае выхаванне вылучана ў якасці прыярытэтнага кірунку, педагогі нашай школы-інтэрната лічаць асабліва актуальным узмацненне выхаваўчага патэнцыялу, арганізацыю эфектыўнай грамадзянскай адукацыі, захаванне пераемнасці пакаленняў і фарміраванне патрыятызму.
Любоў да роднай краіны, роднага краю адыгрываюць велізарную ролю ў станаўленні асобы школьніка. Без любові да Радзімы немагчыма пабудаваць моцную Беларусь. Без павагі да ўласнай гісторыі, да спраў і традыцый старэйшага пакалення нельга выгадаваць годных грамадзян. Без адраджэння нацыянальнага гонару, нацыянальнай вартасці нельга натхніць людзей на высокія справы. Гэтыя якасці павінны выхоўвацца з ранняга дзяцінства. Сапраўднымі патрыётамі і грамадзянамі не нараджаюцца, гэтыя якасці выхоўваюцца.
Таму змест выхаваўчай работы па патрыятычнаму выхаванню ўключае далучэнне дзяцей да каштоўнасцей нацыянальнай культуры і выхаванне на гэтай аснове духоўнасці і маралі, стварэнне ўмоў для індывідуальнага самавызначэння навучэнцаў, іх творчага патэнцыялу, схільнасцей, здольнасцей, адраджэнне традыцый, выхаванне пачуцця адказнасці за лёс Айчыны.
Прывіваць любоў да сваёй Радзімы неабходна як мага раней, менавіта, ў пачатковых класах. Павага да сваёй краіны, да яе нацыянальных традыцый, гісторыі і багатай культуры з'яўляецца асновай любога выхавання. Немагчыма вырасціць сапраўднага грамадзяніна і годнага чалавека без паважлівага стаўлення да сваіх вытокаў.
“Славутыя імёны Бацькаўшчыны”- менавіта так гучала назва класнай гадзіны, якая спрыяла выхаванню гонара за продкаў, любові да роднага краю, культурнай спадчыны свайго народа ў вучняў 4 “Б” класа.
Патрыятычнае выхаванне ўяўляе сабой мэтанакіраваны працэс фарміравання сацыяльна-каштоўнасных адносін да Радзімы, свайго народа, яго культуры, мовы, традыцый. Дадзенае стаўленне выяўляецца ў жаданні і імкненні ведаць гісторыю сваёй краіны, яе нацыянальнае і культурнае багацце, актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, добрасумленна і творча працаваць на карысць Радзімы. Дзеці павінны разумець, як гэта важна любіць свой народ, ганарыцца яго мінулым і сучаснасцю, адчуваць сваю адказнасць за тое, якім будзе будучыня.
Кожны педагог стараецца акцэнтаваць увагу на тым, што беларуская зямля – захавальніца помнікаў культуры народа, які тут жыве. Школьнікі разумеюць, што наш беларускі край – шматпакутная і гераічная зямля, што нашы продкі на працягу стагоддзяў неаднаразова дэманстравалі патрыятызм і любоў да Радзімы. Годная справа педагога – спрыяць таму, каб падзеі мінулага знаходзілі водгук у сэрцах маладых, рабіліся часткай іх жыццёвага вопыту.
У рамках тыдня была арганізавана і праведзена інфармацыйная гадзіна “Чарнобыльская бяда - расплата горкая твая”, дзе вучні прааналізавалі наступствы самай страшнай тэхнагеннай катастрофы XX стагоддзя.
Прыемна адзначыць, што адраджэнне нацыянальных традыцый, народнай спадчыны становіцца прадметам пільнай увагі ў сістэме выхавання вучняў. Народная культура - найважнейшая частка нашай гістарычнай спадчыны, якая спрыяе фарміраванню нацыянальнай свядомасці будучых пакаленняў.
Народная спадчына — вось той агеньчык, які асвятляе душы нашых выхаванцаў, прымушае іх па-іншаму зірнуць на тое, як жылі іх продкі.
Вывучэнне гістарычнага мінулага дазваляе ўбачыць малюнкі жыцця нашых продкаў, паказаць вытокі сучаснасці. Тым больш кожны чалавек павінен ведаць гісторыю родных мясцін, культурныя традыцыі свайго краю. А ведаць — значыць цаніць і берагчы, ганарыцца і будзіць нацыянальны гонар, пачуццё патрыятызму, без якога няма асобы.
Таму добрай традыцыяй у нашай школе-інтэрнаце стала наведванне гісторыка-краязнаучага музея, дзе навучэнцы мелі магчымасць пазнаёміцца з тканымі рэчамі, прыладамі працы, посудам, вырабамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, змаглі па-новаму паглядзець на гэтыя рэчы.
Любіць Радзіму - значыць ведаць яе гісторыю, з павагай адносіцца да традыцый і свят, а любыя веды узбагачаюць інтэлект, пачуцці людзей. Значнае месца ў павышэнні краязнаўчых ведаў належыць школьнай бібліятэцы. Таму не выпадкова, што ў ёй аформлена тэматычная паліца: “Зямля, нам дадзеная лёсам”.
Вялікая ўвага ў школе-інтэрнаце надаецца вывучэнню Дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь. Інфармацыйная гадзіна “Сімвалы маёй Дзяржавы” праведзеная у 4 “А” класе садзейнічла фарміраванню ў вучняў уважлівых адносін да сімвалаў дзяржаўнай улады, патрыятычнаму выхаванню.
Педагогі нашай школы-інтэрната лічаць, што галоўным ў любой нацыянальнай палітыцы павінна быць выхаванне любові і павагі да сваёй Радзімы, у адваротным выпадку яна не будзе мець ніякай каштоўнасці.
А каштоўнасці, на якія павінен арыентавацца ў сваёй рабоце педагог, – Чалавек, Сям’я, Радзіма, Мір. І гэта зразумела. Калі гэтыя ключавыя паняцці стануць сапраўды каштоўнаснымі арыенцірамі ў жыцці чалавека, яны абавязкова пацягнуць за сабой дабрыню, любоў да Радзімы, сумленнасць і гуманнасць.